СІ́НА-ТЫБЕ́ЦКІЯ ГО́РЫ, Сычуаньскія Альпы, Хуандуаньшань,

у Кітаі. Даўж. каля 750 км, шыр. да 400 км. Выш. ад 5000—6500 м на З да 1000—1200 м на У, найб. выш. 7590 м (г. Гунгашань). Утвараюць усх. ўступ Тыбецкага нагор’я, на мяжы з раўнінамі і нізкагор’ямі Усх. Кітая, з’яўляюцца мяжой Сычуаньскай катлавіны. Падзяляюцца на шэраг субмерыдыянальных хрыбтоў, парэзаных глыбокімі падоўжнымі цяснінамі рэк Салуін, Меконг, Янцзы ў іх верхніх цячэннях (глыб. ўрэзу да 3000 м). Хрыбты пераважна стромкасхілыя, з рэзкімі скалістымі водападзельнымі грабянямі. Горы — частка стараж. платформы, якая актывізавалася мезазойскімі рухамі; расчлянёна разломамі на шэраг блокаў, складзеных з гнейсаў, крышт. сланцаў, пясчанікаў, вапнякоў. Перыферыйныя грады, якія далучаюцца да Сычуаньскай катлавіны, складзены з базальтаў і асадкавых тоўшчаў. Горы сейсмічныя. Радовішчы жал. руды, золата, медзі. Ледавікі. Субтрапічны клімат зах. ускраіны Сычуаньскай катлавіны з вышынёй рэзка пераходзіць да кантынент. клімату Тыбецкага нагор’я. Каля паўд. падножжаў гор — 1200 мм ападкаў (максімум летам), на наветраных схілах — больш за 2000 мм, па меры набліжэння да Тыбецкага нагор’я — да 600 мм за год. Да выш. 2000 м субтрапічныя вечназялёныя лясы з эндэмікамі, якія з вышынёй пераходзяць у мяшаныя лясы; у адкрытых на Пд далінах трапляецца ціс. На выш. 2000—4000 м пераважаюць хвойныя (гал. ч. піхтавыя, радзей яловыя) лясы, вышэй за 4000 м размешчаны альпійскія лугі і стэпы.

т. 14, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)